На главную    Форум    История    Легенды    Достопримечательности    Гостевая книга

 

Алексей Коршак

 

 

 

 

фото отсутствует

  Коршак Аляксей Ігнатавіч. Нарадзіўся 22.2.1920г. у в. Вуглы. Скончыў Капыльскую сярэднюю школу, вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Капылі. У 1944г. прызваны ў Савнцкую Армію. Быў разведчыкам. Загінуў 27.2.1945г. ва Усходняй Прусіі пад паселішчам Ласлейндорф.

 

Беларускія пісьменнікі(1917 – 1990):

Даведнік. Мн., 1994. С.296-297.

 

 

 Нарадзіўся Аляксей Коршак у 1920г. у в.Вуглы. Скончыў Доктаравіцкую сямігодку і сярэднюю школу ў Капылі. Славутая сваімі грамадскімі і літаратурнымі традыцыямі Капыльшчына з маленства моцна паўплывала на фарміраванне захапленняў і здольнасцей Коршака. Аляксей любіў літаратуру, асабліва паэзію. На жаль, толькі ўсяго адну кніжку лірычных вершаў паспеў напісаць. Яна выйшла пасля вайны пад назвай “Апаленыя пялёсткі”. Кожны верш гэтага зборніка вызначаецца светлым лірызмам, глыбокім роздумам над жыццём, высокімі мастацкімі якасцямі.

Аляксей Коршак загінуў ва Усходняй Прусіі. Асколак міны скасіў яго ўсяго за два месяцы да Вялікай Перамогі. Паэту ў той час было ўсяго 25 гадоў.

 

З “Летапісу СШ №1 Г.Капыля”. с.15.

 

КОРШАК   АЛЯКСЕЙ

(да 80-годдзя з дня нараджэння)

Коршак Аляксей Ігнатавіч нарадзіўся 22.2.1920 года ў вёсцы Закопанка Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Загінуў 27.2.1945 года ва Усходняй Прусіі. Паэт.

У памяці родных, блізкіх, сяброў Аляксей Коршак так і застаўся 25-гадовым. А з творчай спадчыны для нашчадкаў пакінуў шэранькі блакнот, густа спісаны чырвоным чарнілам. Ён трапіў у рукі шчырых сяброў Сцяпана Александровіча і Міколы Аўрамчыка, а ў хуткім часе выйшаў з друку ў выглядзе невялічкага, сціпла аформленага паэтычнага зборніка "Апаленыя пялёсткі". Вайна апаліла паэзію Коршака сваім гарачым спапяляючым дыханнем, абарвала яго маладое жыццё.

Вершы паэта вызначаюцца нейкім асаблівым светлым лірызмам, сардэчнасцю, цеплынёй. Гэта—творы пра вялікае сяброўства, юнацкія пачуцці, красу маладосці. Яны адразу бяруць чытача за жывое, наводзяць на глыбокі роздум.

Жыццё і творчасць Аляксея Коршака цесна звязаны з Капыльшчынай. Тут, у невялікай вёсачцы Закопанка, прайшло яго басаногае дзяцінства, адсюль выходзіў на шырокі жыццёвы прастор, рабіў першыя, яшчэ нясмелыя крокі на літаратурнай сцяжынцы. Добрую літаратурную падрыхтоўку атрымаў у Капыльскай сярэдняй школе. Тут моцна захапіўся творчасцю Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых беларускіх паэтаў, прымаў удзел у выпуску рукапіснага літаратурнага часопіса "Юнае племя", у рабоце літаратурнага гуртка. У гэты час вершы Аляксея Коршака ўсё часцей сталі з'яўляцца на старонках раённай газеты "Калгаснік Капыльшчыны", а затым і ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Над паэтычным радком, па ўспамінах сяброў, аўтар працаваў многа і настойліва, ніколі не спяшаўся несці іх "сырцом" у рэдакцыю. Малады паэт бязмежна любіў жыццё, быў поўны мараў аб чалавечым шчасці. Вучоба ў Мінскім педагагічным інстытуце давалася лёгка. Але замест радасці на родную бацькаўшчыну навалілася лютае ліха. Паўсюдна лілася кроў, плакалі і пакутавалі людзі, палала знявечаная беларуская зямля. I гэты боль, вялікія чалавечыя пакуты знайшлі сваё праўдзівае адлюстраванне ў творчасці Аляксея Коршака таго перынду. "Расстрэл", "Гарачынь", "О, бедны, народ мой!"... I разам з тым паэт цвёрда верыў у хуткае вызвапенне роднай зямлі. I гэты доўгачаканы і радасны час наступіў у ліпені 1944 года, калі беларуская зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У блізкіх і дарагіх сэрцу мясцінах зноў адчыняліся дзверы школ, клубаў, бальніц. Паўсюдна вяліся аднаўленчыя работы. А недзе далёка на Захадзе ішла вайна. Смелы франтавы разведчык Аляксей Коршак знаходзіўся ў самым пекле баёў. Але і ў гэты цяжкі час ён не забываўся пра паэзію, вёў перапіску з сябрамі, цешыў сябе надзеяю, што вось-вось закончыцца вайна і можна будзе спаўна аддацца літаратурнай працы.

27 лютага 1945 года. Заставаўся ўсяго адзін дзень да вясны, трошачкі больш за два месяцы - да радаснай Перамогі. У адным з баёў на завяршальным этапе Вялікай Айчыннай куля варожага аўтамата абарвала жыццё паэта. ён назаўжды застаўся 25-гадовым. А памяць аб цудоўным паэце-лірыку жыве ў народзе. Яго імем названа адна з вуліц Капыля, аб яго жыцці і творчасці добра ведаюць настаўнікі і вучні школ раёна, аб гэтым шырока расказваецца на кніжных выставах і стэндах бібліятэк Капыльшчыны.

_____________________________________________________________________________________________________________________________

© Святский Святослав, 2007-2009

 

Hosted by uCoz