На главную    Форум    История    Легенды    Достопримечательности    Гостевая книга

 

Адам Русак

 

 

 

  РУСАК Адам Герасимович (24.5.1904, д. Песочное Копыльского р-на — 21.3.1987), белорусский поэт-песенник. Заслуженный деятель культуры Беларуси (1964). Окончил Ленинградскую консерваторию (1934). В 1949—59 работал солистом оркестра Белорусской филармонии. Автор сборников «Песни и стихи» (1951), «Под голос баяна» (1957), «Звонкие родники» (1965), «Песни на слова Адама Русака» (1980) и др. Писал для детей: книги стихов «В Бусловке» (1967), «Хорошо знаю урок» (1981). Песни Р. «Бывайте здоровы», «Лесная песня» и др. стали народными.

 

Адам РУСАК (Да 95-годдзя з дня нараджэння)

Русак Адам Герасімавіч (11(24).05.1904, в. Пясочнае Ігуменскага павета Мінскай губерніі, цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці— 21.3.1987, г. Мінск, пахаваны ў в. Пясочнае Капыльскагараёна), паэт-песеннік. Член СП Беларусі з 1939. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1964).

24 мая 1999 года нашаму беларускаму паэту-песенніку споўнілася б 95 гадоў. Пра жыццё і творчасць гэтага чалавека хацелася б расказаць і хораша, і многа.

Бацька, Герасім Сямёнавіч, і маці, Марыя Ігнатаўна, не мелі сваёй зямлі, парабкавалі ў паноў і вясковых багацеяў. Дзед, па бацькавай лініі, Сымон Русак адслужыў 15 гадоў у царскай арміі, атрымаў надзел — дзесяціну зямлі, пабудаваў хату, ажаніўся з цыганкай Марыяй. Адсюль і пайшла вясковая мянушка "цыганы". Бацька быў скрыпачом-самавукам, іграў полькі і кадрылі. Музычныя здольнасці бабулі-цыганкі і бацькі ўнаследаваў і Адам. Скрыпка з малых дзён была яго марай. На бацькавай скрыпцы ён вучыўся іграць, як і бацька, полькі і кадрылі, а потым яны разам ігралі на вясковых вечарынках і вяселлях. У сям'і выхавалася чацвёра дзяцей, але ніхто з астатніх траіх не выявіў музычных здольнасцей. У 1914 годзе Адам Русак скончыў Песачанскую пачатковую школу. Працаваў на гаспадарцы. У 1922 г. паступіў у Мінскі будаўнічы тэхнікум. Тэхнік з яго не выйшаў. Ён больш хадзіў па тэатрах і рэстаранах, каб паслухаць музыку, чым сядзеў над чарцяжамі. У хуткім часе пакінуў вучобу. У 1925—30 гг. вучыўся ў Мінскім музычным тэхнікуме, іграў у сімфанічным аркестры Беларускага радыё і адначасова служыў музыкантам у Чырвонай Арміі (1928—30). У 1930—34 вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі па класу скрыпкі і валторны. Адначасова з 1932 года і пасля заканчэння кансерваторыі працаваў салістам аркестра Ленінградскага малога акадэмічнага тэатра оперы і балета. У 1942—44 гг. разам з тэатрам эвакуіраваны ў Арэнбург. 3 1949 года працаваў салістам аркестра Белдзяржфілармоніі. 3 1959 года пенсіянер рэспубліканскага значэння.

Першы верш А. Русака "Мая песня" апублікаваны 27 мая 1927 года ў часопісе "Чырвоны сейбіт". Больш рэгулярна пачаў друкавацца з 1932 года ў часопісах "Полымя рэвалюцыі", газетах "Звязда", "Літаратура і мастацтва". У 1940 годзе быў падрыхтаваны да друку першы яго зборнік "На родных палетках", але вайна перашкодзіла яго своечасоваму выданню. Ён убачыў свет толькі ў 1946 г.

Адам Русак — аўтар зборнікаў паэзіі "Песні і вершы", "Песні" (на рускай мове), "Пад голас баяна", "Толькі з табою", "Звонкія крыніцы", "Закрасуйся, Нёман", "Песні на словы А. Русака", "Засцілайце сталы", "Песні радасці" і інш. Выдаў кнігі вершаў для дзяцей "У Буслаўцы", "Добра ведаю ўрок". У пачатку творчага шляху А. Русак не ставіў за мэту пісаць песні, але кампазітары самі звярталі ўвагу на яго вершы, ствараючы да іх музыку. Паступова ён стаў прафесійным паэтам-песеннікам. Радзіма, жыццё і праца свайго народа, яго гасціннасць і шчырасць услаўляюцца ў вершах паэта. Для іх характэрны светлыя фарбы, мажорнае гучанне і лёгкі смутак, напеўнасць і прастата, гумар і вобразнасць, блізкая да фальклору. Песня на яго словы "Бывайце здаровы" (музыка I. Любана) стала народнай, вядомай далёка за межамі рэспублікі. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі многія іншыя песні (усяго каля 300) на тэксты вершаў А. Русака: "Толькі з табою" і "Не шукай" (муз. I. Любана), "Лясная песня" і "Па-над лесам, па-над борам" (муз. У. Алоўнікава), "Дняпро" і "Не за вочы чорныя" (муз. Ю. Семянякі), "Узнялося сонца яснае" (муз. Дз. Лукаса), "Дзе ты, зорка мая" (муз. I. Лучанка) і інш. Вершы А. Русака перакладалі-ся на ўкраінскую, рускую і іншыя мовы.

Гаварыць пра Адама Герасімавіча Русака толькі як пра паэта-песенніка і музыканта, хоць крышку не ўпамянуўшы яго велізарны ўклад у папулярызацыю беларускай этнаграфічна-музычнай творчасці, было б вельмі абкрадзена. Колькі сілы, энергіі і часу аддаў гэты нястомны энтузіяст для стварэння ў родных мясцінах этнаграфічна-музычнага ансамбля "Нёманцы", які меў добрую славу не толькі ў нашым раёне, але і ў рэспубліцы. А колькі даводзілася яму ездзіць з Мінска ў Пясочнае, заседжвацца на рэпетыцыях, вучыць пажылых, пакалечаных вайной людзей, правілам ігры на розных музычных інструментах.

21 сакавіка 1987 года шматлікія колы пісьменніцкай, музычных арганізацый рэспублікі, бясконцае мноства аматараў задушэўнай беларускай песні і жыхароў Капыльшчыны да глыбіні сэрцаў кранула самотная вестка, што ў гэты дзень навечна абарвалася напеўная струна і перастала біцца чуйнае сэрца выдатнага беларускага паэта-песенніка і нашага земляка Адама Герасімавіча Русака.

Былінная капыльская зямля не далічылася ў жывых яшчэ аднаго яркага, самабытнага літаратара, які так многа зрабіў для ўслаўлення роднай Бацькаўшчыны, апявання красы роднага краю, развіцця музычнай творчасці ў нашых мясцінах. Усё напісанае ім проста, дасціпна і зразумела для кожнага беларуса. Мілагучнасць, напеўнасць, народнасць напоўнілі вершаваныя радкі Русака вялікай песеннасцю і глыбокім грамадзянскім зместам.

Пахаваны паэт у роднай вёсцы Пясочнае.

Пайшоў пясняр, а песня засталася, памёр паэт, а песня будзе жыць.

_____________________________________________________________________________________________________________________________

© Святский Святослав, 2007-2009

 

Hosted by uCoz